“І не знікаць паэтам вечна…”

Янка Купала і Якуб Колас – вядомыя ўсяму свету пісьменнікі. Цяжка пераацаніць ролю нацыянальных класікаў: з іх, дарэчы, пачынаецца літаратурная слава беларускага народа. І унікальны выпадак: двух самабытных і вельмі розных творцаў звязала і асабістае сяброўства, і літаратурны лёс, і нават храналогія: у 2022 годзе адзначаецца 140 гадоў з дня нараджэння Івана Дамінікавіча Луцэвіча (сапраўднае імя Янкі Купалы) і Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, які ўзяў псеўданім “Якуб Колас”.

Літаратурная вандроўка Чирковичская сельская библиотека

Іх гістарычная заслуга заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай справай, адным з важнейшых і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў. Таму ўвесь гэты год праходзіць пад знакам двайнога юбілею і ва ўсіх установах культуры і адукацыі праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. Так, напрыклад, на гэтым тыдні ў Баравікоўскім ДК прайшоў час фальклору “Шануйце спадчыну сваю”, а ў Сасновым Бары жыхары населенага пункта сабраліся на літаратурную вечарыну “Чараўнікі роднага слова”, каб яшчэ раз ушанаваць памяць беларускіх песняроў.

Дарэчы, ва ўсіх бібліятэках раёна на працягу года працуюць кніжна-тэматычныя экспазіцыі і выставы “Пра Беларусь нашу мілую”, праходзяць мерапрыемствы для дарослых і дзяцей. Напрыклад, Цэнтральная бібліятэка арганізавала “Дзень купалаўскай кнігі”, вечары паэтчнага настрою, акцыі чытання, паэтычныя падарожжы і шмат іншага. Юбілейны год яшчэ не скончыўся, і бібліятэкары абяцаюць яшчэ шмат чаго цікавага.

Дзень купалаўскай кнігі Центральная библиотека 1

А паколькі не ва ўсіх нас ёсць магчымасць наведаць знакавыя месцы, СЦК арганізаваў анлайн-падарожжа па мемарыяльных сядзібах Янкі Купалы і Якуба Коласа “Жыццёвымі дарогамі” на сваіх інтэрнет-пляцоўках. Светлагорскі краязнаўчы музей праводзіць літаратурную анлайн-экскурсію “Месца памяці і натхнення” – цікавыя пасты, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў, публікуюцца ў сацсетках. Карцінная галерэя “Традыцыя” прапануе ўсім жадаючым анлайн-віктарыну “Мне сняцца сны аб Беларусі”.

Імкліва бягуць гады… Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людской Янка Купала і Якуб Колас – сапраўдныя народныя пісьменнікі, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Паважаныя сябры! Будзем жа ведаць і памятаць не толькі імёны нашых славутых пісьменнікаў, але і іх неўміручыя творы.