НАШИ ПРОЕКТЫ

З беларускіх балот пачынаўся шлях на Берлін

ПРЕСС-ЦЕНТР

З беларускіх балот пачынаўся шлях на Берлін
13 октября 2025
229

Сёння ў праекце «Абеліскі параненай зямлі» мы раскажам пра месца, якое стала знакавым для ўсёй Беларусі. Гэта манумент стратэгічнай аперацыі «Баграціён», якая стала пачаткам заключнага этапу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Месца гіблае, але не для ўсіх

Там, дзе сёння ўзвышаецца велічны манумент і каласіцца збажына, у далёкім 1944-м рассцілалася балота. Мясцовыя жыхары называлі яго Брыдскі Мох. Гэта было даволі пагібельнае месца, і яго цураліся. Праўда, не ўсе. Некаторыя вяскоўцы ўсё ж добра ведалі, як можна пераадолець дрыгву, і іх парады наконт гэтага спатрэбілася падчас распрацоўкі аператыўнага плана правядзення аперацыі «Баграціён».

Па ўспамінах генерала Паўла Батава, перад наступленнем на Бабруйск наша армія стаяла ў паласе, запар пакрытай лясамі. Мноства невялікіх рэк з шырокімі поймамі, каналы і гразкія балоты – месцы выключна цяжкія для манёўра. Немцы вырашылі, што мясцовыя балоты непраходныя для войскаў, і галоўныя сілы паставілі у раёне Парычаў, дзе чакалі ўдару. І гэты напрамак быў прывабным: сухая мясцовасць без водных перашкод, але наступаць тут – значыць, панесці цяжкія страты. Таму пры выбары кірунку галоўнага ўдару ўсё больш прыцягвалі ўвагу балоты… Выпадкова высветлілася, што сярод салдатаў ёсць мясцовыя, і яны ведаюць, дзе і як пераадолець Брыдскі Мох. Назаўтра ноччу разведчыкі, абуўшы сплеценыя макраступы, пачалі «асвойваць» балота. Яны даволі лёгка выйшлі незаўважанымі за пярэдні край абароны суперніка і, падкраўшыся да варожага апорнага пункта, захапілі ў палон вартавога. Ён і пацвердзіў, што на ўсім працягу балота ў нямецкіх войскаў адсутнічае суцэльны абарончы фронт і толькі на ўзвышаных участках размешчаны асобныя агнявыя кропкі. Пасля абагульнення ўсіх атрыманых падчас таго рэйду разведдадзеных савецкім камандаваннем і было прынята рашэнне аб арыентаванасці галоўнага ўдару па ворагу на паўднёва-заходнім кірунку ў раёне балота Брыдскі Мох.

Танкі грэблі не баяцца

Да прарыву рыхтаваліся старанна. На працягу двух месяцаў у становішчы найстрогай сакрэтнасці інжынерная служба 65-й войскі генерала П.Батава наводзіла на балотнай багне грэблі: вялікія драўляныя плыты, змацаваныя адзін з адным у некалькі ярусаў. Пракладалі іх уначы, а счаплялі паміж сабой металічнымі клямарамі толькі падчас артпадрыхтоўкі, пад парывы снарадаў. Да канца мая грэбля па балоце была пракладзена.

Дарэчы, будаўніцтва грэблі прыязджалі інспектаваць камандуючы 1-м Беларускім фронтам маршал К.Ракасоўскі і галоўны каардынатар усёй наступальнай аперацыі «Баграціён» маршал Г.Жукаў. У першую чаргу іх цікавіла магчымасць пераправы па іх танкаў. Для апрабацыі гэтага складанага манеўру спецыяльна быў збудаваны невялікі ўчастак грэблі на адным з балот, размешчаным у бліжэйшым тыле савецкіх войскаў. Пробны прагон тэхнікі пацвердзіў чаканні – танкі паспяхова пераадолелі збудаваную для іх пераправу. Але гэта была, дарэчы, вельмі складаная канструкцыя – фактычна падвесны мост у балоце. Танкі пры пераправе ішлі пад ваду да вежы. Рызыка была вялікая, і манеўр вельмі складаны, але салдаты справіліся.

Храналогія падзей аперацыі «Баграціён» зараз добра вядомая. Раніцай 23 чэрвеня 1944 года савецкія войскі пад Віцебскам прарвалі нямецкую абарону і тым самым паклалі пачатак ліквідацыі паўночнага флангу групы нямецкай арміі «Цэнтр». На паўднёвым напрамку ў гэты ж дзень пачаўся наступ па дзвюх лініях: пад Рагачовам і ў раёне г.п.Парычы. А на наступную раніцу 1-ы гвардзейскі Данскі танкавы корпус пачаў рух па грэблі праз балота Брыдскі Мох. Гэтага супернік ніяк не чакаў, бо на нямецкіх картах гэтая тэрыторыя была пазначана як непраходная.

У першую ж палову дня салдаты 65-й арміі генерала П.Батава прасунуліся на 12 км. Гэта быў сапраўдны прарыў. Маршал Г.Жукаў, не паверыўшы ў данясенне, тут жа па тэлеграфе выклікаў камандуючага 65-й арміі і загадаў назваць дакладнае размяшчэнне войскаў. Бо ў наступаючых у раёне Рагачова за плячыма на той момант значылася ўсяго 2 км адваяванай у ворага тэрыторыі. Як пісаў П.Батаў у сваіх успамінах, Г.Жукаў затым сам прыехаў, каб пераканацца ў праўдзівасці слоў камандуючага арміі.

Да зыходу 24 чэрвеня, дзякуючы паспяховаму прарыву праз балота Брыдскі Мох, савецкія войскі змаглі прасунуцца да 30 км, вызваліўшы пры гэтым некалькі населеных пунктаў, у тым ліку Ракавічы, Пятровічы, Мікалаеўку, Селішча, Кнышэвічы, Здудзічы, Парычы. Апошнія, дарэчы, як ужо адзначалася, былі моцна ўмацаваны. Але гэта не перашкодзіла перадавым войскам 1-га Беларускага фронту хутка рушыць наперад, вызваліць Жлобін, а затым і акружыць у раёне Бабруйска шматтысячную нямецкую групоўку.

Не проста поспех, а перамога

Легендарная аперацыя «Баграціён», якая пачалася з беларускіх балот і праходзіла з 23 чэрвеня па
29 жніўня 1944 года, аказалася не проста стратэгічна паспяховай. Яна стала пераможнай. Была вызвалена тэрыторыя Беларусі, Усходняй Польшчы і частка Прыбалтыкі, практычна поўнасцю разгромлена нямецкая група армій «Цэнтр». Гэта адна з найбуйных ваенных аперацый за ўсю гісторыю чалавецтва. У маштабнай бітве абапал удзельнічалі 4 мільёны чалавек, каля 62 тысяч гармат і мінамётаў, больш за 7500 танкаў, звыш 7100 самалётаў. Грандыёзная бітва разгарнулася на фронце ў 1100 кіламетраў. Страты суперніка перавысілі 539 тысяч чалавек. Загінулі 180 тысяч савецкіх салдат, 600 тысяч было паранена.

Ролю «Баграціёна» ў Другой сусветнай вайне фашысцкі вермахт вызначыў так: «Разгром групы армій «Цэнтр» у Беларусі азначаў катастрофу, якая перасягнула Сталінградскую».

Там, дзе ішлі ў наступленне

Балота Брыдскі Мох даўно ўжо няма. Яго асушылі. І нават цяжка паверыць, што на 71-м кіламетры трасы Бабруйск - Мазыр на месцы, дзе зараз узвышаецца манумент у гонар аперацыі «Баграціён», некалі ішлі праз багну ў наступ савецкія войскі. Памятны знак каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна быў адкрыты 21 чэрвеня 2014 года. Велічны сяміметровы помнік, размешчаны ў цэнтры комплексу, – вынік працы скульптара Валерыя Кандраценкі. У цэнтры гарэльефа змешчаны фігуры чатырох палкаводцаў: камандуючага фронтам двойчы Героя Савецкага Саюза Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага, камандуючага фронтам чатыры разы Героя Савецкага Саюза Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава, камандуючага 65-й арміі камандуючага 1-м гвардзейскім танкавым Данскім ордэна Леніна Чырванасцяжным, ордэна Суворава корпусам генерал-лейтэнанта танкавых войскаў Міхаіла Панова. Справа і злева ад іх – ідучыя ў атаку воіны: салдаты, маракі і партызаны. Разам яны зрабілі немагчымае – прайшлі праз балоты, змаглі пераправіць на іншы бераг танкі і артылерыю. Над іх фігурамі – стрэлы, якія паказваюць два галоўныя ўдары Чырвонай Арміі з пазначанымі на іх населенымі пунктамі.

Акрамя памятнага знака, тут можна было ўбачыць капліцу, узоры ваеннай тэхнікі і ўзбраення, акопы, фрагменты грэблі, музей, усе яго экспанаты якога звязаны з ваеннай аперацыяй. Гэта гісторыя, вартая помніка, таму было прынята рашэнне маштабіраваць аб’ект і зараз тут вядуцца работы: новы сучасны музей, манументальны барэльеф, плошча Воінскай Славы і
«Іл-2», які імкнецца ўвысь (яго ў гады Вялікай Айчыннай немцы называлі «чорнай смерцю» або «лятаючым танкам») – асноўныя звенні глабальнай рэканструкцыі комплекса, які хутка пачне сваю работу.

 
Предыдущая новость
Непотопляемая Урсула