Паэтычна-творчы вечар прайшоў у Светлагорску

Светлагоршчына багатая на таленты. І паэтычна-творчы вечар «Скарбонка душы» Галіны Масяйчук, які прайшоў у бібліятэцы сямейнага чытання напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, гэта пацвердзіў.

Галіна Сцяпанаўна больш за 40 гадоў жыве ў Светлагорску, і многія жыхары горада і раёна ведаюць гэтую актыўную жыццярадасную жанчыну. А яшчэ ў яе шмат захапленняў, адно з якіх – вершы. Па яе словах, гэта ад бацькі, які таксама пісаў вершы.

Свой першы твор напісала, калі ёй было 10 гадоў. І на працягу ўсяго жыцця не пакідала гэтага занятку: у яе “скарбонцы” – творы пра дзяцінства, родны край, прыгажосць прыроды, дзіцячыя вершы. А яшчэ яна прызналася, што расказвае казкі сваім унукам, прычым прыдумвае іх злёту.

Яна, працуючы педагогам, развівала творчыя здольнасці вучняў (напрыклад, у творчай студыі “Фантазія” друкаваліся вершы і апавяданні яе выхаванцаў). Але сапраўдным захапленнем жанчыны стала відэаздымка. Так з’явілася цэлая серыя пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. “Таму што мала прачытаць пра чалавека, лепш яго ўбачыць і пачуць”, — упэўнена Галіна Сцяпанаўна. А ў аб’яднанні “Кадр” разам з выхаванцамі пачалася работа над ролікамі, якія атрымалі рэспубліканскае прызнанне.

І ўвесь гэты час яна не пераставала пісаць вершы, артыкулы ў газеты. Калісьці дзеці інтэрната, дзе педагог працавала, узнагародзілі яе медалём «Самы вясёлы выхавацель». І праўда – Галіна Сцяпанаўна – сапраўды добры і вясёлы чалавек.  Яна лічыць, што без гумару жыць нельга. Аб гэтым сведчаць напісаныя ёю гумарэскі.

Вершы і гумарэскі Галіны Масяйчук для прыйшоўшых на сустрэчу вучняў СШ №12 і іншых гасцей чытала не толькі сама аўтар, але і ўдзельнікі тэатральна-фальклорнай пазнавальнай студыі «Спадчынцы». У школьнікаў была мачымасць не толькі пазнаёміцца з творчым чалавекам, але і задаць пытанні, упэўніцца, што для таго, каб здзейсніць сваю мару, трэба дзейнічаць і пазіраць на свет з усмешкай.

Напрыканцы вучні адзначылі, што яны пазнаёміліся з цікавым і таленавітым  чалавекам, актыўным удзельнікам гарадскіх мерапрыемстваў, чалавекам, які любіць родную мову, складае на ей вершы і гумарэскі, жыве побач з намі, шануе і паважае  сваю малую Радзіму. І гэта – добры прыклад.

Фота: Людміла Ярац, “СН”