Адзіны дзень беларускай кухні

Калі спыніць беларуса на вуліцы і спытаць, што елі і пілі нашы продкі, ён успомніць дранікі, мачанку, квас — і на гэтым, магчыма, застапарыцца. На самой справе страў беларускай кухні – сотні, калі не тысячы. Паспрабаваць як папулярныя, так і малавядомыя з іх можна на аб’ектах грамадскага харчавання 17 верасня. У гэты дзень па ўсёй краіне аб’яўлены «Адзіны дзень беларускай кухні». У Светлагорску гэту «смачную» акцыю падтрымалі.

Прыемным бонусам для жыхароў горада стала магчымасць смачна пахарчавацца не толькі ў гэты дзень, але і на працягу папярэдняга тыдня. Так, у кафэ «Pizza Smile» прапанавалі ўвесь тыдзень абедзеннае меню, складзенае са страў беларускай нацыянальнай кухні, а ў «MoonClub» — на працягу трох дзён (з 15 па 17 верасня): бабка, мачанка з блінамі, заціруха і яшчэ шмат чаго смачнага. Напярэдадні свята работнікі «СветлагорскХімвалакно» ў сталовых і кафэ «Нітачка» частаваліся беларускімі прысмакамі. Кафэ «Світанак» ў пятніцу радавала наведвальнікаў беларускім абедам (боршч, бабка і салат «Паўлінка»), а ў кулінарыі прайшла дэгустацыя. Тыя, хто завітаў сюды, былі премна здзіўлены: каўбаскі, катлеты, мясны рулет-«гасцінец ад бабулі», блінцы з начыннем – усё хацелася паспрабаваць. Была магчымасць купіць смачную ежу дадому, каб пачаставацца сям’ёй.

Кафэ «Стары горад», можна сказаць, спецыялізуецца на нацыянальных блюдах: кадлуны, галубцы, рыба, запечаная ў смятане з цыбуляй, аладкі бульбяныя – у іх меню пастаянна. Як кажуць супрацоўнікі, пастянныя кліенты вельмі любяць боршч «Беларускі». А да яго дадаць калдун са смятанай – і ты ўжо зусім не галодны. Ёсць яшчэ яечня па-хатняму, мачанка з блінамі, птушка, запечаная з памідорамі…  А ў Дзень народнага адзінства кафэ прапануе разнастайныя халодныя закускі, калдуны з грыбамі, канечне ж, бабку, біточкі і паджарку, піражкі з мясам і шмат чаго іншага. А хто яшчэ не паспеў адчуць ні з чым не параўнальны смак беларускай кухні – у вас яшчэ ёсць такая магчымасць 17 верасня – далучайцеся!

Гісторыя беларускай кухні налічвае нямала стагоддзяў. Яе адметная асаблівасць – шырокае разнастайнасць страў з бульбы, а таксама з мяса, круп і грыбоў. Своеасаблівасць беларускай кухні вызначылі некалькі фактараў: кліматычныя ўмовы, геаграфічнае становішча краіны, асаблівасці веравызнання насельніцтва і некаторыя гістарычныя асобы. Так, напрыклад, дзякуючы каралеве Боне Сфорцы, італьянцы па паходжанні, у нашай кухні з’явілася мучная страва «лазанкі», прататыпам якой з’яўляецца лазання. У залежнасці ад рэгіёна адрозніваюцца і кулінарныя традыцыі: на захадзе краіны адчуваецца ўплыў польскай і нямецкай кухні, на ўсходзе – рускай і ўкраінскай. А нам трэба шанаваць і беражліва захоўваць свае кулінарныя рэцэпты, паколькі гэта і ёсць гістарычная памяць.